;
Russian Belarusian English Estonian French German Italian Latvian Lithuanian Polish Ukrainian

Беларускае слова – мова нашага сэрца

Категория: Новости Опубликовано 26.01.2018

Усведамляць сябе беларусамі, ведаць сваю гісторыю, шанаваць і памнажаць духоўны скарб сваёй Бацькаўшчыны… Дзеля гэтага трэба добра ведаць і берагчы родную мову, імкнуцца зрабіць яе неад’емнай часткай свайго жыцця.

І тут вельмі адказная місія ўскладзена на работнікаў сферы адукацыі, якія на прафесійным узроўні здольныя абудзіць, падтрымаць інтарэс нашых дзетак да беларускай мовы - гэтага значнага фактару еднасці нацыі, усведамлення і асэнсоўвання свету, інструменту захоўвання і перадачы ад пакалення пакаленню набытага вопыту і ведаў. Пра тое, якім чынам працуюць педагогі Полаччыны ў гэтым накірунку, наша гутарка з метадыстам ДУ “Полацкі раённы вучэбна-метадычны цэнтр” Верай Шайтар.

-Сапраўды, адносіны да сваёй гістарычнай спадчыны, да сваёй культуры і, у першую чаргу, – да роднай мовы з’яўляюцца адметнай адзнакай любога народа, - адзначыла Вера Іванаўна. – З верасня 2010 года ўсе арганізацыі адукацыі і асветы, культуры, актывізавалі намаганні ў накірунку папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры. На ўзроўні рэспублікі, вобласці і кожнага раёна створаны і рэалізуецца План мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. Адпаведна і кожная ўстанова адукацыі мае свае школьныя планы, якія ўключаюць раздзелы па рабоце з вучнямі, педагогамі, грамадскасцю.

-Раскажыце, калі ласка, пра формы такой работы.

-Гэта самыя разнастайныя мерапрыемствы, акцыі і праекты. Напрыклад, Тыдні беларускай мовы і літаратуры, мерапрыемствы да Дня роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага. Нашы вучні штогод удзельнічаюць у “Скарынаўскай алімпіядзе”, у лінгвістычным конкурсе “Буслік”. Многія школы ладзяць фальклорныя святы, кніжныя, тэматычныя выставы да юбілеяў беларускіх пісьменнікаў. У мінулым годзе мы такім чынам адзначылі юбілеі нашых славутых класікаў Я.Купалы і Я.Коласа. Не так даўно завершыўся конкурс чытальнікаў, прысвечаны іх 135-годдзю, і ў фінал выйшлі 35 школьнікаў з горада Полацка і Полацкага раёна.

На працягу некалькіх гадоў юныя палачане наведваюць музейныя заняткі ва ўстановах Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка – Музеі беларускага кнігадрукавання, Краязнаўчым музеі і іншых. Акрамя таго, у школах праводзяцца беларускамоўныя віктарыны, літаратурна-музычныя кампазіцыі, конкурсы чытальнікаў… Цудоўныя, цікавыя акцыі – “Чытаем па-беларуску”, “Размаўляй са мной па-беларуску”, “Татальны дыктант”, “Добрае слова на роднай мове”, “Маё любімае слова на беларускай мове”, у якіх удзельнічаюць і вучні, і настаўнікі.

-Мінулы год быў значным для беларускай культуры і кожнага беларуса, бо мы адзначалі 500-годдзе беларускага друкаванага слова. А для палачан ён быў яшчэ больш асаблівым – у нашым горадзе адбылося рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства…

-Так, вельмі ганарова і адказна было прымаць такое ўрачыстае свята. Здаецца, беларускім словам, беларускасцю было насычана само паветра. У шматлікіх мерапрыемствах, прымеркаваных да Дня беларускага пісьменства, прынялі ўдзел установы адукацыі, нашы педагогі і вучні. Гэта быў наш хвалюючы іспыт і адначасова ўнёсак у справу папулярызацыі беларускай мовы. Увогуле, хачу сказаць вялікі дзякуй настаўнікам, якія вядуць гэту работу, займаюцца з дзецьмі роднай мовай і робяць сваю справу натхнёна, апантана, ад усёй душы. Вынік іх вялікай працы - перамогі, поспехі нашых вучняў у алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры, іншых конкурсных выпрабаваннях, звязаных з беларускай мовай і культурай.

Трэба адзначыць і тое, што на базе ПДГ № 1 імя Ф.Скарыны і ПДГ № 2 працуюць рэсурсныя цэнтры па беларускай мове, дзе сабраны багаты метадычны, пазнавальны, дыдактычны матэрыял – у дукаваным і электронным фармаце - для правядзення ўрокаў, дадатковых заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў. Кожны настаўнік мае магчымасць звярнуцца ў рэсурсны цэнтр, каб атрымаць неабходныя матэрыялы для работы.

Увогуле, заняткі па папулярызацыі беларускай мовы – гэта, перш за ўсё, пастаянны працэс фарміравання моўнай і лінгвістычнай культуры дзяцей, выпрацоўка ў іх патрэбы пастаяннага спазнання і творчай дзейнасці. А таксама гэта пастаянны працэс работы над сабой педагогаў, якія вядуць работу ў дадзеным накірунку, прапагандуюць нашу родную беларускую мову.

…Чаму неабходна пастаянна займацца папулярызацыяй беларускай мовы? Таму што мы – беларусы. Таму што кожны народ павінен мець сваю мову, берагчы і песціць яе, як дзіця. Напрыканцы нашай размовы хацелася б узгадаць словы Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы беларускай, каб не ўмёрлі”.

У гэтым годзе на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па ббеларускай мове і літаратуры у полацкіх школьнікаў чатыры Дыпломы. Дыплом Iступені заваявала навучэнка ПДГ № 1 імя Ф.Скарыны Паліна Сляпцова, Дыпломы IIступені – у навучэнкі СШ № 18 імя Еўфрасінні Полацкай Наталлі Кліменцьевай і навучэнкі ПДГ № 1 імя Ф.Скарыны Анастасіі Шалепінай і Дыплом IIIступені – у навучэнкі ПДГ № 2 Вольгі Бухаловіч. Віншуем і жадаем новых поспехаў у вывучэнні роднай мовы!

 

Статья подготовлена по материалам газеты «ПолацкiВеснiк»

 

Сайты учреждений